Карыстальнік Захар Яноўскі зарэгістраваў пэтэцыю на плятформе change.org. На ёй прапануецца падпісаць просьбу да кіраўніцтва кампаніі Meta з мэтай дадаць беларускую мову ў працу дзьвюх сацыяльных сетак, а менавіта Instagram і Threads.
«Насельніцтва Беларусі складае 9 мільёнаў чалавек, якія актыўна карыстаюцца Instagram і Threads, але мы вымушаныя карыстацца расейскай, украінскай альбо ангельскай вэрсіямі службаў Meta з тае прычыны, што нашая родная мова ў іх адсутнічае. Гэта мае некалькі нэгатыўных аспэктаў», — адзначыў аўтар пэтыцыі.
Ён дадаў, што наяўнасьць у сэрвісе нацыянальнай мовы павялічвае ляяльнасьць людзей да прадукту і кампаніі. Нярэдка беларусы аддаюць перавагу менавіта тым сэрвісам і прадуктам, дзе прысутнічае беларуская мова. Такім чынам, беларуская лякалізацыя выгадна і для самой кампаніі Meta, падкрэсьліў аўтар.
Захар Яноўскі адзначыў, што гатовы зарганізаваць для кампаніі Meta як каманду прафэсійных перакладнікаў, так і каманду мовазнаўцаў-валянтэраў для выкананьня перакладу зараз і падтрымцы беларускай вэрсіі службаў у будучыні.
На гэты момант адзін прадукт Meta — Facebook Messenger — мае беларускую мову. Instagram і Threads пакуль ня маюць.
Форум